БАРА́НАВІЦКАЕ ГАРАДСКО́Е ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну. Дзейнічала ў г. Баранавічы са жн. 1943 да ліп. 1944. Ядром падполля стала група А.І.Крыштофіка, пасланая ў г. Баранавічы ў крас. 1943 камандаваннем атрада імя Суворава Першамайскай партыз. брыгады. У вер.—ліст. 1943 патрыёты ажыццявілі шэраг дыверсій на чыгунцы, узарвалі 6 эшалонаў з гаручым, ваен. тэхнікай і жывой сілай праціўніка, спалілі памяшканні аўтагаража з машынамі і мэблевую ф-ку, вывелі са строю будынкі цэнтр. блакіроўкі чыг. стрэлак, электратакарнай майстэрні і перасыльнага пункта. У студз. 1944 па заданні партызанаў яны выкралі і даставілі ў штаб Першамайскай партыз. брыгады нам. бургамістра Баранавіч. Патрыёты распаўсюджвалі сярод насельніцтва сав. газеты, лістоўкі, збіралі для партызанаў зброю і боепрыпасы. У лютым 1944 арыштаваны 12 падпольшчыкаў, 9 з якіх 11 сак. на рыначнай плошчы пакараны смерцю. У Баранавічах на брацкай магіле падпольшчыкаў пастаўлены абеліск, на месцы пакарання смерцю ўстаноўлена мемар. Дошка.
т. 2, с. 293
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)